|
Жыцьцяпіс Міхася Раманюка
Міхась Раманюк нарадзіўся 3 студзеня 1944 году ў вёсцы Кавалі Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці і быў чацьвертым дзіцём у сям`і. Бацька Хведар Раманюк загінуў падчас другой сусьветнай вайны.
У 1952-м з-за матэрыяльных нястачаў сям'я пераехала да сваякоў у вёску Старынкі Дзяржынскага раёну, дзе прайшло дзяцінства М.Раманюка і ягоная вучоба ў сямігадовай школцы.
З 1959-га да 1963 году М.Раманюк вучыўся ў Менскiм тэхналягiчным тэхнiкуме спэцыяльнасьці канструктар-мадэльер і адначасова -- у сярэдняй вечаровай школе. У 1964-1971 гадох ён працягваў вучобу ў Беларускiм дзяржаўным тэатральна-мастацкiм iнстытуце (БДТМІ, цяпер Беларуская Акадэмія Мастацтваў) на спэцыяльнасьці мастак-мадэльер. У 1965-1967 гадох служыў у войску.
У 1970 годзе адбылася першая этнаграфічная экспэдыцыя Міхася Раманюка на купленым адмыслова для гэтага мапэдзе.
З 1971-га да 1974 году М.Раманюк вучыўся ў асьпiрантуры і адначасова пачаў чытаць у БДТМІ лекцыі пра матэрыльную i духоўную культуру ўсходнiх славян, замежнае мастацтва, гiсторыю касьцюма народаў сьвету, гiсторыю выяўленчага мастацтва Беларусі, курсы гiсторыі матэрыяльнай i духоўнай культуры Беларусi.
У гэты самы час Міхась Раманюк стварыў сцэнiчныя касьцюмы для Дзяржаўнага акадэмiчнага народнага хору Беларусi iмя Генадзя Цiтовiча, ансамбля танцаў Беларусi, шматлiкiх самадзейных калетываў, выступаў кансультантам у мастацкiх фiльмах «Беларусьфiльма».
У 1975 годзе Міхась Раманюк абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Народны касьцюм беларускага Палесься» (канец ХIХ — пачатак ХХ ст.) і ў 1976-м атрымаў вучоную ступень кандыдата мастацтвазнаўства.
Важнай вяхою ў дзейнасьці этнографа стала набыцьцё фотаапарату «Pentacon».
Наступны год Міхась Раманюк удзельнічаў у стварэньні экспазыцыі Заслаўскага музэя рамёстваў і народных промыслаў.
У 1978-м уступіў у Саюз мастакоў СССР.
У 1981 годзе М.Раманюк выдаў камплект з 16 паштовак «Беларускае народнае адзеньне» і аўтарскі альбом «Беларускае народнае адзеньне» (выдавецтва «Беларусь», Менск), правёў выставу «Беларускі нацыянальны касьцюм» у Менску. Сьледам гэтая выстава дэманстравалася ў Парыжы і Ліёне ў Францыі, дзе да выставы была выдадзеная кніга «Costume nationales Belorusse» (Paris, 1981).
У 1982 годзе на XIV мiжрэспублiканскiм конкурсе мастацтва кнiгi Беларусі, Лiтвы, Латвiі i Эстоніі ў Вільні Міхась Раманюк быў уганараваны дыплёмамі: II ступенi -- як аўтар-фатограф альбома «Беларускае народнае адзеньне» і III ступенi -- за паштоўкi «Беларускае народнае адзеньне». У Маскве М.Раманюк быў уганараваны Дыплёмам Саюзу мастакоў СССР за кнiгу «Беларускае народнае адзеньне» -- як лепшую мастацтвазнаўчую працу 1981 году. У беларускiм конкурсе на лепшыя выданьнi ён атрымаў Дыплём II ступенi Дяржкамдруку -- за стварэньне камплекту паштовак «Беларускае народнае адзеньне».
Таксама ў 1982 годзе М.Раманюку было прысвоена навуковае званьне дацэнта Катэдры гiсторыi i тэорыi мастацтваў, мовы i лiтаратуры БДТМІ.
У 1982-1984 гады Міхась Раманюк выступіў заснавальнiкам i галоўным рэдактарам часопiса «Мастацтва Беларусi».
У 1983-1987-м узначальваў камісію па працы з народнымі майстрамі Саюзу мастакоў Беларусі.
На працягу 1989-1997 гадоў М.Раманюк працаваў загадчыкам Катэдры гiсторыi i тэорыi мастацтваў у Беларускай Акадэмii Мастацтваў.
У 1992-м, дзякуючы намаганьням прафэсара М.Раманюка, ажыцьцёўлены першы набор на аддзяленьне мастацтвазнаўства дзённай формы навучаньня ў Беларускай Акадэміі Мастацтваў, такiм чынам ён стаў пачынальнiкам, стваральнiкам i першым кiраўнiком вышэйшай школы мастацтвазнаўства ў Беларусi.
У 1993 годзе Міхась Раманюк выдаў кнігу «Народны касьцюм Чачэрска і ваколіц». Таксама ў 1993-м яго абралі на пасаду прафэсара Катэдры гiсторыi i тэорыi мастацтваў Беларускай Акадэмii Мастацтваў.
У наступны год М.Раманюк выдаў кнігу «Песьні і строі Піншчыны». А яшчэ праз год яму было прысвоенае вучонае званьне прафэсара на Катэдры гiсторыi i тэорыi мастацтваў.
На працягу 1989-1992 гадоў выйшлі з друку 6 буклетаў-плякатаў «Беларускі нацыянальны касьцюм» аўтарства М.Раманюка. А на працягу 1995-1997 — ягоная сэрыя з 10 паштовых марак і 3 паштовак для аб'яднаньня Белпошта.
У 1996 годзе адбылася пэрсанальная выстава Міхася Раманюка «Беларускі нацыянальны касьцюм» у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. У гэты ж год 22-27 жніўня была зьдзейсьненая апошняя экспэдыцыя этнографа ў Чачэрскі раён Гомельскай вобл.
У верасьні цяжкая хвароба перарвала ягоную паўнавартасную працу, апошнія месяцы жыцьця М.Раманюк прысьвяціў дапісваньню манаграфіі «Беларускія народныя крыжы». У гэты ж час ён стаў ляўрэатам Прэмii 1996 году за выдатныя дасягненьнi ў галiне мастацтва.
4 верасьня 1997 г. на 53-м годзе жыцьця заўчасная сьмерць перапыніла творчыя пляны вучонага. Пахаваньне адбылося, паводле жаданьня Мiхася Раманюка, у вёсцы Старынкі Дзяржынскага раёну.
Асобая старонка ў 30-гадовай творчай дзейнасьці Мiхася Раманюка — артыкулы i iлюстрацыi ў эцыкляпэдыях: «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя», «Энцыкляпэдыя Літаратуры і Мастацтва Беларусі», «Этнаграфiя Беларусi»; у часопісах «Мастацтва», «Беларусь» і іншых выданьнях, дзе раскрыты практычна ўвесь абсяг тэмаў, зьвязаных з нацыянальным беларускiм адзеньнем i вырабам мастацкiх тканiн. Напісана звыш 30 крытычна-публіцыстычных артыкулаў, 200 навуковых працаў па матэрыяльнай i духоўнай культуры беларусаў.
Усё сваё жыцьцё М. Раманюк прысвяцiў збору, ратаваньню i вывучэньню найкаштоўнейшай нацыянальнай спадчыны і матэрыяльнай культуры беларусаў ХХ ст., зьвязанай з традыцыйным касьцюмам i iншымi вiдамi народнага мастацтва (помнiкамi народнага побыту, вясковай архiтэктуры, народнага мастацтва). Збор і архіў М. Раманюка налiчвае звыш 100 000 адзiнак унiкальнага этнаграфiчнага матэрыялу, сабранага ўласнымi рукамi, падарожныя дзёньнiкi складаюць дзясяткi тамоў. Па шырынi i маштабнасьцi дасьледаваньняў Мiхась Раманюк ня меў сабе роўных, выконваючы ўласнаруч тое, што мог бы ўзяць на сябе вялiкi калектыў, навукова-дасьледчы iнстытут. У спадчыну М.Раманюк пакінуў часткова гатовыя да выданьня фундамэнтальныя манаграфii — «Беларускія народныя крыжы», «Беларускiя маляваныя дываны», «Беларускiя маляваныя куфры» i альбом «Беларускi нацыянальны касьцюм». |
ІЛЮСТРАЦЫІ
РЭЦЭНЗІІ
АЎТАР
УЗНАГАРОДЫ
|